Краязнаўства: Чучавіцкі край

Хто жыў у Чучавіцкім краі ў 1883 годзе?

Спавядальныя ведамасці па сваёй сутнасці з'яўляюцца перапісам насельніцтва, калі яно аднароднае па рэлігійным складніку. Але ж калі разглядаць спавядальныя ведамасці Чучавіцкага прыхода, то пазначалі там і не тутэйшых каталікоў з пазнакаю "римско-католического вероисповедания".
У спавядальнай ведамасці пералічваліся ўсе жыхары прыходы з пазнакаю, хто не быў на споведзі. Рэчаіснасць магла адрознівацца ад дакументаў, але ж высновы робім па тым, што бачым.
Ніжэй некалькі адметнасцей, якія выявіліся па спавядальнымі ведамасцямі:
  • у аснову ведамасці закладаўся класавы складнік. Так па Чучавіцкім прыходзе вылучаліся сяляне, ваенныя, духоўныя, дваране, мяшчане і часова-пражываючыя.
  • да споведзі шлі ад 7 год, таму дзеці (да 6 год уключна) адзначаліся з каментаром, што не былі на споведзі "по малости";
  • ведамасць была гібкім дакументым, які дапрацоўваўся цягам некага часа. Аб гэтым сведчаць допіс ад рукі. Напрыклад, з'яўленне жонкі, нарадженне дзіця ці адпраўку на службу альбо прыход з яе. Па гэтай прычыне агульная колькасць асоб адрознівалася ад падсумаванага ў выніковай табліцы.
  • у канцы ведамасць складалася выніковая табліца, там была структура прыхода па гендарным і класавым прыкментам. А да табліцы дадаваўся каментар. Пры тым каментары былі не толькі па шаблоне, але і шчырыя як у 1883 годзе.
Каментар пад выніковай табліцы / Спавядальная ведамасць 1883 года
Каментар пад выніковай табліцы / Спавядальная ведамасць 1883 года
"Па ведамасці бачна, што ў прыходзе ёсць і дваране, то бок статскія, а ў экстракце чамусьці не адзначаны. Як так атрымалася?!"

Аб чым кажа спавядальная ведамасць за 1883 год?

Спавядальныя ведамасці Чучавіцкай царквы за 1883 год убіраюць у сябе ўсе вёскі краю, акрамя Гоцка. Ад 1876 года Гоцк пачаў уваходзіць у Хорастаўскі прыход, а потым увогулле створыцца асобны Гоцкі.
Акрамя вёсак у ведамасць уваходзяць і знаходзячыяся там хутары і маёнткі. Самі хутары не пазначаны, але людзей, якія там жылі, апісалі як "проживающие в сем приходе". На 1883 год маёнтак у краі быў адзін, "Двор Баравікі". Калі супастаўляць мапы, то зараз на гэтым месцы знаходзіцца заходняя частка вёскі Баравікі.
З-за таго, што вёскі Баравікі, Кормуж і Лугі былі невялікімі, то ваенных гэтых вёсак сабралі ў адну групу як "военные и их домашние дервени Боровики, Кормуж и Лугов". Аднак метрычныя кнігі і інвентары дазвалаюць размеркаваць іх па сапраўднай геаграфічнай прыналежнасці. Такім чынам мы можам бачыць чыстую структуру насельніцтва Чучавіцкага краю за 1883 года, акрамя вёскі Гоцк.
Агулам за 1883 год зафіксаваны 1392 чалавекі, з якіх 21 асоба была выкрэслена з пазнакаю "В", "У", "умер/умерла", а 50 асоб былі дапісаны алоўкам.

Класавы складнік

Як ужо адзначалася ў спавядальных ведамасцях Чучавіцкай царквы таго часу вылучалі 6 класаў жыхароў. Структурна яны размяркоўваліся наступным чынам:
  • сяляне - 85,6%;
  • ваенныя і іх сем'і- 10,3%;
  • часова-пражываючыя - 1,9%;
  • дваране - 0,7%;
  • мяшчане - 0,7%;
  • духоўныя - 0,5%.
Геаграфічнае размеркаванне розных класаў таксама прысутнічала. Так духоўныя жылі пры царкве, то бок у цэнтры прыхода - Вялікіх Чучавічах. Дваране, а іх была дзве сям'і, жылі ў двары Баравікі. Мяшчане жылі наўпрост у прыходзе, то бок можна меркаваць, што жылі яны на хутарах. Часова-пражываючыя жылі ў двары Баравікі і ў прыходзе з мяшчанамі (напэўна, выконвалі працоўныя абавязкі перад больш заможнымі людзьмі).
З сем'ямі вайскоўцаў размеркаванне па вёсках нераўнамернае. Прычыны дзве: розная колькасць ваенных на вёску і розныя памеры іх сем'яў.
Пры аналізе дадзеных прыходзім да высновы, што:
  • вайсковыя сем'і былі невялікія (па 2-4 чалавекі);
  • ваенныя жыхары позна абіраліся шлюбам, адпаведна і позна станавіліся бацькамі. У выпадках, калі вайсковец паспеў абрацца шлюбам да службы, яго жонка адзначалася "салдаткаю" ці "рэкруткай". У 1883 годзе такіх сям'ей было ано пяць;
  • найменьшая доля вайскоўцаў і іх сям'ей прыходзілася на вёску Лугі (1,75%, ці 3 з 20 двароў - вайсковыя);
  • найбольшая доля - на вёску Кормуж (5,88%, ці 3 з 8 двароў - вайсковыя);
  • найбольш сталыя ваенныя сем'і ў вёсцы Малыя Чучавічы (агульны срэдні ўзрост - 29,9 гадоў). Прычына гэтага ляжыць у значной долі старых вайскоўацаў (50-70 гадоў). Адпаведна іх дзеці са сваімі сем'ямі запісаны асобна і лічацца сялянамі.
З пункта гледжання гендера значнага дызбаланса не назіралася. Доля мужчын і жанчын прыблізна аднолькавая, як агулам па краі, так і па кожным населеным пункце. Выключэннем стаў толькі двор Баравікі, дзе большасць была мужчын, і ў прыходзе, то бок па-за вёскамі, дзе перавага - у жанчын.
  • Вялікія Чучавічы - мужчыны - 51,1%, жанчыны - 48,9%;
  • Малыя Чучавічы - мужчыны - 49,7%, жанчыны - 50,3%;
  • Лугі - мужчыны - 51,5%, жанчыны - 48,5%;
  • Баравікі - мужчыны - 50,6%, жанчыны - 49,4%;
  • Кормуж - мужчыны - 52,9%, жанчыны - 47,1%;
  • Двор Баравікі - мужчыны - 50%, жанчыны - 44,8%;
  • Па-за вёскамі - мужчыны - 41,2%, жанчыны - 58,8%.
Агулам: мужчыны - 50,8%, жанчыны - 49,2%.
Аднак, калі разглядаць людзей сталага ўзроста, то бок старэй за 18 год, то тут з'яўляецца цікавая ўласцівасць.
У тыя гады пасля шлюба амаль заўсёды жонкі пераходзілі жыць ва двор мужа, а сыны заставаліся на бацькоўскім двары. Па гэтай прычыне дзяўчыны з вёскі Кормуж (там пражываў ано 51 жыхар) часцей з'язджалі з Кормужа і пераязджалі ў іншую вёску ці за межы краю. Адсюль гендарны баланс у дарослых парушаўся ў бок мужчын.
Калі разглядаць узроставую структуру па краю і па кожнай вёсцы асобна, то значную частку займалі дзеці да 20 год (да 9 год - 29,7%, ад 10 да 19 год - 22,7% ад усіх жыхароў). З асаблівасцей, што можна адзначыць - гэта незначная доля людзей сталага ўзросту (старэй за 70 год) - 0,9% ад усіх жыхароў.
Што датычыцца сярэдняга ўзроста, то найбольш маладое насельніцтва Кормужы - 20,4 гадоў, а ў Лугах самае старое - 23,7 гадоў. Доўгажыхары жылі амаль толькі ў Вялікіх і Малых Чучавічах. Ва ўзросце старэй за 75 год у тыя гады жыло толькі два жыхара Вялікіх Чучавіч.
  • Ліхтар Мельян Паўлавіч - 81 год;
  • Грыцкевіч Фядора Андрэеўна - 77 год.
Тэорыя пра дызбаланас па гендары ў малых вёсках (у нашым выпадку, гэта Кормуж) падмацоўваецца сярэднім узростам жанчын. Так найбольш малады ўзрост жанчын па вёсцы як раз у Баравіках і Кормужы - 19,5 і 19,6 год.

Прозвішчы і імён краю

Улічваючы, што спавядальная ведамасць - гэта ўмоўны перапіс насельніцтва, то можна адсачыць структуру края по прозвішчах. А калі далей параўноўваць з перапісамі іншых гадоў, то можна адсачыць, які род больш буйна развіваўся, а які змяльчэў.
Ніжэй топ з самым папулярным прозвішчам у кожнай вёсцы:
  • Вялікія Чучавічы - Гаргун (154 чалавека, ці 23,9% жыхароў вёскі);
  • Малыя Чучавічы - Курак (67 чалавек, ці 21,6% жыхароў вёскі);
  • Лугі - Бойка (110 чалавек, ці 64,3% жыхароў вёскі);
  • Баравікі - Радзюк (58 чалавек, ці 34,1% жыхароў вёскі);
  • Кормуж - Насеня (33 чалавекі, ці 64,7% жыхароў вёскі).
Сярод мужчынскіх імён найбольш папулярны быў Іван (прычым у кожнай вёсцы)!
  • Вялікія Чучавічы - Іван (30 чалавек);
  • Малыя Чучавічы - Іван (16 чалавек);
  • Лугі - Іван (10 чалавек);
  • Баравікі - Іван (11 чалавек);
  • Кормуж - Іван, Рыгор, Кірыл (2 чалавекі).
Сярод жаночых імён відавочнага лідара няма. Здзіўляе толькі Кормуж, дзе было пяць Яўгеній. Па-вясковаму іх шчэ звалі Еўга ці Ювга.
  • Вялікія Чучавічы - Марыя і Ганна (40 чалавек);
  • Малыя Чучавічы - Марыя (19 чалавек);
  • Лугі - Настасся (11 чалавек);
  • Баравікі - Марыя (7 чалавек);
  • Кормуж - Яўгенія (5 чалавекі).
А ніжэй топ-5 мужчынскых і жаночых імён Чучавіцкага краю (без уліка Гоцка).
Асобным пунктам цікава разглядзець папулярныя імёны сярод дзяцей (да 18 год). Разумеючы, што з адмены прыгоннага права мінула крыху больш за 20 год, то, меркавана, мог адбыцца ўплыў іншых краёў: суседнія ці далёкіх.
Параўнаўшы папулярныя імёны і ўзрост жыхароў краю і дзяцей да 18 год, можна зрабіць высновы, што значныя змены не назіраюцца, бо топ-3 выглядаюць аднародна. Тым не менш сярод мужчынскіх імён адчуваецца змена ў інтарэсах да імён: большы - да імені Пятро, і менш - да Якава. Сярод жаночых імён назіраецца значны інтарэс да імені Фядора. Пры тым гэты інтарэс больш актыўны за апошнія 3-5 год з улікам сярэдняга ўзроста дзяцей.
Асобна ў радок пазначацца не тутэйшыя прозвішча. Па большай частцы гэтыя людзі не затрымліваліся ў Чучавіцкім краі, то бок іх прысутнасць была абумоўлена прафесейнай дзейнасцю. Адпаведна, гэты пералік зможа дапамагчы камусьці ў пошуках сваіх продкаў.
Не тутэйшыя прозвічшчы Чучавіцкага краю ў 1883 годзе: Бунас, Вячорка, Грычац, Гудвіловіч, Дашкевіч, Жылевіч, Зіневіч, Корзюк, Пазняк, Статкевіч, Сулкоўскі, Шафаловіч, Якавін.

Спавядальная ведамасць за 1883 год падкрэслівае з'яву аднароднасці і абмежаванасці Чучавіцкага краю. Доля не тутэйшых жыхароў у 1883 годзе склала ано 4,5%.
Ведамасць за 1883 год - гэта і дакумент, у якім ужо можна знаходзіць сувязь з сучаснсцю. У ведамасці ўжо з’яўляюцца імён людзей, чыі пахаванні месцяцца на вясковых могліцах.
Запіс сям'і Макаедаў у спавядальнай ведамасці (алоўкам дапісаны народжаны Пётр Герасімавіч) і пахаванне Пятра на могліцах Вялікіх Чучавічах
Запіс сям'і Макаедаў у спавядальнай ведамасці (алоўкам дапісаны народжаны Пётр Герасімавіч) і пахаванне Пятра на могліцах Вялікіх Чучавічах
Аналіз таго, як жылі ў Чучавіцкім краі 140 год таму, больш выразна адчуецца, калі параўнаць яго з іншымі гадамі, у тым ліку з сённяшнім часам. Аднак і па гэтым артыкуле можна сцвярджаць, што ўзроставая структура вёскі змянілася дыяметральна, і на гэта ёсць шэраг прычын: ад глабальных тэхналагічных да нацыянальных кіраўніцкіх.
Адлічбованая спавядальная ведамасць, як і іншыя дакументы па Чучавіцкім краі, з'явяцца пазней, калі вырашыцца, як захоўваць і структураваць гэтыя дадзеныя на сайце.
Вялікія Чучавічы Малыя Чучавічы Баравікі Кормуж Лугі Дакументы Даследаванні
Made on
Tilda