Краязнаўства: Чучавіцкі край

Сялянскі бунт у вёсцы Гоцк у 1910 годзе

На памежжы 19 і 20 стагоддзяў Чучавіцкім краем валодалі памешчыкі Агарковы. Разам з эканамічным уздымам дзейнасць Агарковых прыносіла хваляванні. Так у 1910 годзе адбыўся бунт сялян, пра які напісаў нават "Саратовский вестникъ".

CZ-H-S-30-0040 - Старцы вёскі Гоцк / 1934 г. / Фота Ёзафа Абрэбскага
CZ-H-S-30-0040 - Старцы вёскі Гоцк / 1934 г. / Фота Ёзафа Абрэбскага

Фотаздымак Ёзафа Абрэбскага датаваны 1934 годам, але ж ён добра падойдзе для ўяўлення сялян вёскі Гоцк і падзей 1910 года. Тым больш, што сяляне з фота, відавочна, былі сведкамі Гоцкага бунта.

Відавочна, у газеце"Саратовский вестникъ" нататка была напісана на рускай, але выдаем яе ў перакладзе, прымацоўваючы адсканаваны арыгінал тэксту.

Пра памешчыкаў Агарковых чытайце ў артыкуле "Хто такія Агарковы, уладальнікі Чучавіцкага краю?"

Бунт

Мазыр. (Аграрныя хваляванні).
У вялікіх маёнтках Агаркова ў мазырскім павеце выбухнулі хваляванні. Цэнтрам апошніх стала вёска Гоцка, чучавіцкай воласці. Сяляне гэтай вёскі мелі сервітут - права на выпас жывёліны на лясным кавалку эканоміі Агаркова. Не так даўно паміж сялянамі і эканоміяй была дасягнута дамова па замене сервітута на выган з невялічкай платаю. Але ж на днях сяляне перадумалі і, сабраўшыся на сход, вырашылі працягваць карыстацца сервітутам. Лясныя стражнікі, зразумела, успрацівіліся гэтаму.

На наступны дзень увечары грамада сялян у 50 асоб, узброеныя палкамі, асадзіла дом эканоміі, адведзены пад жыццё лясным стражнікам. Карыстаючыся прыкрыццём натоўпа, некалькі чалавек уварваліся ў хату і пачалі збіваць стражнікаў. Стражнікі тады схваліся ў хаце сяляніна Грудзько (таксама лясны стражнік). Тады сяляне абступілі хату, пагражая стражнікам расправаю.

З хаты рызыкнуў выйсці лясны стражнік суседняга аб'езда Макаед.
- Людзі, чаго вы да мяне маеце? - узмаліўся ён, калі яго пачалі калаціць.
- А не будзь стражнікам, не насі гэтай формы, - адказалі сяляне.

Асаду хаты стражніка Грудзько знялі на другі дзень, калі ў вёску прыбылі стражнікі, пакліканныя эканоміяй. Ураднік, старшы ніжні чын паветавай паліцэйскай варты, правёў следства і арыштаваў пяцёрых сялян-завадатараў. Па дарозе, калі стражнікі суправаджалі іх ў воласці (цэнтар воласці - вёску Вялікія Чучавічы), на паліцэйскі атрад адбыўся напад. Натоўп сялян у 40 асоб, верхам на конях, узброеныя дубінамі і палкамі, нагналі стражнікаў.

- Лягце на землю, - наказалі яны арыштаваным. Тыя паляглі.

Стражнікі, пабачыўшы ўзбуджаны настрой грамады, хутка з'ехалі. З вызваленнымі аднавяскоўцамі сяляне вярнуліся ў Гоцк. 

Артыкул
Артыкул "На Родинъ" газеты "Саратаўскі веснік" №112 за 28 траўня 1910 года

Паводле напісанага ўсё нібыта скончылася мірна, але ж праз пэўны час у тым жа 1910 годзе сялян Гоцка абвінавацілі ў супраціве і на іх была заведзена адміністрацыйная справа "Дело по обвинению крестьян д. Гоцк Чучевичской вол. Мозырского уезда в оказании сопротивления полицейским стражникам и освобождении односельчан, арестованных за избиение лесников помещика Огаркова".

Пра тое, як разглядалі справу і якія яе вынікі, будзе расказана ў асобным артыкуле.
Гоцк Дакументы Фотаздымкі Гісторыі
Made on
Tilda