Краязнаўства: Чучавіцкі край

Як спрабавалі адкрыць школу ў вёсцы Баравікі?

Паводле звестак Чучавіцкага летапісу і этнографаў, асвета ў Чучавіцкім краі была на нізкім узроўні. З аднаго боку не было вялікай прагі, бо гэта замінала цяжкай працы на зямлі. З іншага боку не было вялікай падтрымкі з боку улад. У вёсцы Баравікі ў 1893 годзе грамадства накіравала зварот на адкрыццё школы граматы. З гэтай нагоды быў сельскі сход, але школа не з'явілася. Чаму?

Як складалася з адукацыяй ў Чучавіцкім краі ў ХІХ стагоддзі?

З-за свайго геаграфічнага становішча і знаходжанні на землях благой якасці, асвета ў Чучавіцкі край прыйшла позна і развівалася павольна. Паводле звестак Яўгена Хвастова, першая навучальная ўстанова адкрылася пры Чучавіцкай царкве па загаду святара Мікалая Серпужынскага. Аб гэтым сведчыць запіс у летапісу Чучавіцкай царквы.
«В приходе сей церкви Училище приходское открыто для обучения крестьянских детей грамоте в 1857 году по распоряжению Высокопреосвященнейшего Михаила, бывшим священником Николаем Серпужинским».
У 1885 годзе адкрылася школа ў Малых Чучавічах. Але ж варта разумець, што адкрыццё школы не заўсёды праугледжвае асобнага будынку. Таму з упэўненасцю можна сцвярджаць, што ў Малых Чучавічах школа месцілася наўпрост у хаце настаўніка. Настаўнікам быў жаўнер, скончыўшы народную вучэльню, Якаў Рылач.
Мінскія Епархіяльныя Ведамасці / №4, 1886 г.
Мінскія Епархіяльныя Ведамасці / №4, 1886 г.
Пры вопісе ў 1891 годзе школа ў Малых Чучавічах не адзначаецца, аднак з'яўляюцца звесткі пра рухомую школу ў Лугах. Выкладае там, скончыўшы народную вучэльню, А. Чайкоўскі, школу наведвае 7 хлапчукоў, а заробак настаўніка - 8 рублёў.
Пра школу ў Гоцку да канца 19 стагоддзя згадак не знойдзены, і толькі ў 1900 годзе пазначаецца выдаткаванне сродкаў для Гоцкай школы. Так Мінскія Епархіяльныя Ведамасці паведамляюць, што Мазырскае казначэйства на выдаткі Гоцкай школы выдзелілі 20 рублёў.
Баравікі і Кормуж заставаліся тымі вёскамі, дзе асвета ў фармаце школ не даходзіла. З-за таго, што добрых дарог не було, а адлегласць у 6-8 кілометраў да школы не была ў прыярытэце перад гаспадаркаю, то ніхто ў Чучавіцкую школу не ездзіў і дзяцей не адвозіў. Фактычным выйсцем адукацыі былі толькі вярнуўшыяся жаўнеры пасля рэкруцтва. У 1893 годзе у Баравіках і Кормужы такіх было 7 чалавек. Мкркавана, яны і інцыявалі запыт на адкрыццё школы ў Баравіках.

Чаму па запыце грамадства школу ў Баравіках усё ж не адкрылі?

У 1893 годзе большасці хаджаінаў вёскі Баравікі накіравалі просьбу да мясцовага святара Пушкіна Уладзіміра Іванавіча на адкрыццё школы граматы ў вёсцы Баравікі. Святар Уладзімір зрабіў пісьмовы адказ праз Лунінскую валасную ўправу за №76 20 кастрычніка 1893 года па старым стылі. Чаму ў Лунінскую? Бо Баравікі і Кормуж як былыя ўладанні Шчыттоў-Неміровічаў адносіліся да Лунінскай воласці.
Гэты адказ валасны старшыня Цімафей Косміч накіраваў сельскаму старасце Яўхімію Радзюку. Той жа правёў сельскі сход, каб праінфармаваць грамадства і каб прысутнічыя падпісался пад рашэннем. Сход адбыўся 29 студзеня 1894 года па старым стылі, альбо 10 лютага 1894 года па сучасным календары, то бок дакладна 130 год таму.
На сход прыйшлі 2/3 ад усіх хаджаінаў сельскай грамады - 20 чалавек. Яўхім Радзюк на правах сельскага старасты паведаміў наступнае:
Абмякраваўшы паміж сабою (маецца на ўвазе Лунінская валасная ўправа і святар Чучавіцкай царквы), аднагалосна прыйшлі да высновы, што з-за досыць неспрыяльных умоў для сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе і з-за адсутнасці сродкаў, пытанне аб адкрыцці школы граматы ў вёсцы Баравікі адкладаецца да 1895 года. Да гэтага часу неабходна запрасіць больш-менш кампетэнтных людзей для выкладання нашым дзецям малітв і па магчымасці граматы.
Сярод тых, хто прысутнічаў на сходзе, былі наступныя:
  1. Яўхім Радзюк (сельскі стараста)
  2. Васіль Хлуд
  3. Адам Абраменя
  4. Аўдзей Казулька
  5. Макар Радзюк
  6. Васіль Радзюк
  7. Трафім Насеня
  8. Андрэй Грынь
  9. Харытон Вячорка
  10. Захарый Абраменя
  11. Трафім Радзюк
  12. Іван Абраменя
  13. Якаў Абраменя
  14. Хведар Яшэня
  15. Пятро Казулька
  16. Хведар Радзюкевіч
  17. Павел Радзюкевіч
  18. Сцяпан Радзюкевіч
  19. Максім Насеня
  20. Нікіфар Насеня
  21. Рыгор Грынь
Усе яны былі неграматнымі, таму з іх подпіс паставіў М. Станкевіч.
Подпісы і пячаткі валаснога старшыні Ц. Косміча і валаснога пісара Невяровіча
Подпісы і пячаткі валаснога старшыні Ц. Косміча і валаснога пісара Невяровіча
Такім чынам, пытанне адкрыцця школы адклалася. Звестак пра яе адкрыццё ў 1895 годзе не знойдзена, таму меркавана пытанне адкладалася і далей па тых жа прычынах. Для Лунінскай валасной управы вёскі Баравікі і Кормуж знаходзяцца ў самым куту, праз балота Грычын. Меркавана, гэта магло стаць прычынаю для адмовы ў запыце на асвету. Так ці інакш, афіцыйная прычына адмова гучыць па-сучаснаму, "грошай няма, але вы трымайцеся".

Асвета ў Баравіках у ХХ стагоддзі

Паводле Яўгена Хвастова, у 1908-1910 гадах вучні з Баравікоў хадзілі ў школы ў Вялікія Чучавічы, таму на самым пачатку ХХ стагоддзя школы шчэ не існавала. Аднак у наступныя 10-30 год школа ў Баравіках усё ж з'яўляецца і адным з яе настаўнікаў у 1940 годзе стаў габрэй з Варшавы Гутэрман Лейба Іцкавіч, 1922 года нараджэння.
Лёс Гутэрмана Лейбы ўзгадваецца яго вучнем, жыхаром вёскі Баравікі, Мікалаем Каленікавічам Абраменяй.
Малады настаўнік з'явіўся ў вёсцы летам 1940 года, восенню ўжо стаў вучыць дзяцей. Як і тысячы іншых яўрэяў, ён збег з Варшавы ад праследаванняў фашыстаў. Добра памятаю яго, таму што сам здаваў экзамен за 4-ы клас, а школа наогул знаходзілася ў вялікім пакоі нашай хаты. Халасты, шмат ведаючы юнак уражваў добрай фізічнай загартоўкай: зімой катаўся на каньках, што ў нас лічылася ледзь не дзівам.

Па загаду акупацыйных улад у 1941-ым усе яўрэі павінны былі знаходзіцца ў гета ў вёсцы Вялікія Чучавічы. Але малады настаўнік не выканаў гэтае распараджэнне, застаўся жыць на той жа кватэры ў Баравіках. Дапамагаў гаспадару, стараўся не паказвацца на вочы акружаючым. Але доўга таіцца не ўдалося. Аднойчы і за ім прыехалі немцы, але да гета не давязлі — забілі на дарозе. Там яго і пахавалі аднавяскоўцы. Вучні мясцовай школы паставілі на магіле драўляны абеліск, пасадзілі ялінкі.

Крыніца: Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна
У пасляваенны час у вёску будуць накіраваны маладыя настаўнікі. Настаўнікі жылі ў чатырохкватэрным доме, які быў пабудаваны насупраць школы. Сярод настаўнікаў быў Мандра Станіслаў Адамавіч, які з 1964 па 1998 год выкладаў біялогію, хімію і нямецкую мову.
Дзякуючы яго ўнучцы Дар'і захаваўся здымак, на якім бачны Станіслаў Адамавіч і дом для настаўнікаў.
Манда Станіслаў Адамавіч на двары Баравікоўскай школы, 1960-1970 гг. / Архіў Піскуновай Дар'і
Манда Станіслаў Адамавіч на двары Баравікоўскай школы, 1960-1970 гг. / Архіў Піскуновай Дар'і
На сённяшні дзень школа ў Баравіках і дом настаўнікаў знесена, а дзеці навучаюцца ў Чучавіцкай школе.
Мапа знесеных школы і настаўніцкіх кватэр / Google Maps
Мапа знесеных школы і настаўніцкіх кватэр / Google Maps

Такім чынам нягледзчы на запыт на адукацыю, жыхары Баравікоў дачакаліся сваёй школы толькі ў ХХ стагоддзі. Аднак школа ў вёсцы Баравікі прафункцыянавала толькі 70-80 год. На пачатку ХХІ стагоддзя яна была зачынена, а пасля і ўвогуле знесена. Вёска натуральным чынам змірае. Так паводле перапісу, у 1999 годзе ў Баравіках было 309 жыхароў, у 2019 годзе - 142 жыхара. Таму закрыццё школы - гэта рацыянальнае рашэнне, аднак не яе знос і знос дома настаўнікаў.
Баравікі Дакументы Даследаванні Мапы Гісторыі
Made on
Tilda