Калі пераглядаць ранейшыя краязнаўчыя тэксты, звязаныя з ваколіцамі Чучавіч, то сустракаецца цікавы факт, што ў 1930-ыя гады быў забіты апошні мядзведзь у краі. Аднак у тыя ж часы пад пагрозаю знікнення былі таксама і бабры. Гісторыю пра тое, як забілі апошняга бабра ў Чучавіцкім краі, напісалі ў польскай газеце "Łowiec Polski". Дык хто гэта зрабіў і як высветлілі паляўнічага?
У якім стане былі папуляцыі баброў?
У 1928 годзе выходзіць артыкул Юліяна Эйсманда "Бабры ў сучаснай Польшчы". Бабры былі пад пагрозаю знікнення, таму паляванне на іх было цалкам забаронена, а парушэнне закона цягнула за сабою досыць строгую адказнасць: штраф 2500 злотых, арышт на 6 месяцаў і аплата за жывеліну ў памеры трох коштаў.
Паводле артыкул бабры месціліся ў чатырох ваяводствах Польшчы:
- Бяластоцкім;
- Наўгародскім;
- Палескім;
- Валынскім (сучасная тэрыторыя Украіны)
Чучавіцкі край у той час уваходзіў у склад Палескага ваяводства Польшчы.
У Бяластоцкім ваяводстве бабры былі ў Гродзенскім павеце ля гмін Рыбакі і Дубна. У Наўгародскім ваяводстве - у Валожынскім (гміна Бакштанская), Лідскім (каля Мастоў), Наўгародскім (каля Любчы і Крывошына), Стаўпецкім (ваколіцы Стоўбцаў), Слонімскім (7 розных лакацый) і Баранавіцкім паветах (гміна Дабромысль).
На тэрыторыі Палескага ваяводства пазначаны тры месцы пасялення баброў: у Столінскім павеце - каля вёскі Дрожджынь (сучасная тэрыторя Украіны, Ровеньская вобласць) і ў Косаўскім павеце - на рацэ Жыгулянка ля Бярозы і вёскі Пяскі. Каля Бярозы ў 1925 годзе жыло пяць баброў, а каля Альховага гая на рацэ Жыгулянка ў 1924 годзе жыло 6 баброў, а ў 1926 годзе - ужо 20 асобін.
У Чучавіцкім краі да 1920-ых гадоў таксама жылі бабры, аднак з-за чалавечага ўплыву жывёліна знікла.
Што здарылася з апошнім бабром у Чучавіцкім краі?
Найважнейшая часткаю Чучавіцкага края з'яўляецца рака Лань, якая да Першай Сусветнай вайны была поўнай бабровых хатак. Аднак у апошнія гады з-за Першай Сусветнай і польска-савецкай вайны хаткі былі амаль цалкам зруйнаваны і папуляцыя баброў знкіла.
У 1921 годзе новы адміністратар Чучавіцкага лясніцтва, пан Ян Барай, зацікавіўся гісторыяй засялення баброў на рацэ Лань. Невядомы якім чынам, аднак пры новы адміністратары высветлілася, што ўсё ж адзін бабёр жыве на Лані, але без сям'і. Пан Барай як чалавек неабыякавы да прыроды, хаця і будучы паляўнічным, паклапоціўся за апошняга бабра, наказаўшы ўзяць яго пад ахову.
Аднак ахова бабра на рацэ Лань, па сваёй сутнасці, была досыць складаная задача, бо калі на правым беразе ракі - Чучавіцкае лясцніства (яно жа часткова Чучавіцкі край), то на левым беразе месцілася шэраг зямель дробных землеўладальнікаў. Гэтыя гаспадары, у сваю чаргу, не раз былі заўважаны за бракан'ерствам, таму пагроза знікнення бабра іх не пужала, а яго каштоўны футар дык наадварот дадаваў інтарэса да палявання.
Наступныя сем год бабёр жыў ля Гоцка пад кантралем, але ж 20 лютага 1928 года жывёліну ўжо не маглі знайсці. Адпаведна тады зрабілі выснову, што бабры зніклі з Чучавіцкага краю.
Забіццё бабра невядомымі асобамі, меркавана, адбылося ў ноч з 18 на 19 лютага, а забралі забітую жывёлу праз тры дні. Высветлілася, што ў тую ночу ля бабровай хаткі хадзілі чатыры чалавекі, які пасля яе цалкам раскідалі.
У дзесяці кроках ад хаткі расла старая і тоўстая альха з вялікаю дзіркаю на стваое. Сам ствол ляжаў часткова ў рацэ, дык вада ў дзірцы ніколі не замярзала. У тую ноч злачынцы радзяўблі ствол з аднаго боку, меркавана, пакуль спаў бабёр, але ж той уцёк праз дзірку пад лёд ракі. Люты месяц тады быў надта марозным, таму на Лані быў тоўсты лёд (арыг. - powniec). З-за таго, што лунак на льду больш не было, то бабёр вярнуўся да той дзіркі ў ствале альхі. Там жа яго ўсё чакалі бракан'еры. Вынік адпаведны - бабра больш ніхто не бачыў.
Сляды бракан'ераў вялі па лёдзе ад месца здарэння на левы бераг ракі, у напрамку бліжэйшай вёскі. Там бракан'еры зрабілі круг, вярнуліся на правы бераг Лані і адтуль накіраваліся да вёскі Гаўрыльчыцы. Пільныя назіранні за хаткаю не далі ніякіх надзей на тое, што бабёр жывы. Аднак праз тры дні пасля нападу сляды бракан'ераў былі зноў заўважаны. Злачынцы ізноў з'явіліся ля бабровай хаткі, разрубіўшы вялізны кавалак ільду ля самай альхі. З гэтага зрабілася выснова, што бабёр усё ж уцёк ізноў пад лёд і заставаўся там, а з-за таго, што іншых лунак для кіслароду ніяк не было, то бабёр памёр у рацэ. Адпаведна, каб знайсці яго ды, калі што, забраць, бракан'еры вымушаны былі ўскрыць раку.
Ведаючы, адкуль паходзяць бракан'еры (з вёскі Гаўрыльчыцы), сталі вядомы меркаваныя злачынцы. Аднак не хапала пэўных доказаў, што гэта зрабілі менавіта яны. Як пазначаецца ў артыкуле, магчыма, патрэбна было зрабіць вобшукі ў тых жыхароў, якія былі сярод умоўных падазраваных. Урэшце рэшт месяцы і годы шлі, ніякіх доказаў не знойдзены і пра гэтую справу забылі.
Хто забіў бабра?
Да "бабровай справы" вярнуліся выпадкова праз 5,5 год, увосені 1933 года. Тады пан Барай адправіўся ў вёску Гаўрыльчыцы па іншай бракан'ерскай справе: трэба было паразмаўляць з адным з гаўрыльчыцкіх паляўнічых.
Прыбыўшы ў вёску Барай спыніўся ля лавачніка, каб сустрэцца там з тым самым бракан'ерам Андрэем Лятчэняй. Як апісываецца ў артыкуле, Андрэй Лятчэня быў тыповым прыкладам валацугі: маленькага росту, у рванай бруднай адзежы, твар быў скрыўлены, "упрыгожаны" казлінаю бародкаю. Як сапраўдны "паляўнічы" яму было ўласцівым ганарыцца сваімі дасягненнямі, пры тым, канешне, дадаючы ім хлуслівых акалічнасцей, каб прытаіць тое, што сапраўды было ды каб выглядаць больш прыстойна ў вачах суразмоўцы.
У адміністратара Барай зайшла размова з Лятчэняй пра колькасці лясных куніц, які той здабыў у мінулую зіму. Тады да размовы далучыўся лавачнік, які не надта добра ставіўся да Лятчэні. Лавачнік пачаў жаліцца Бараю, што Лятчэня палюе на куніцы выключна, каб пасля прадаваць футра за грошы (меркавана, мелася на ўвазе, што гэта ён робіць незаконна без атрымання дазвола). З гэтага моманта пачалася сварка, у якой лавачнік выпадкова заявіў, што з-за таго, што Лятчэня запрасіў (і адпаведна атрымаў) за бабра 120 злотых, то ў лавачніка амаль не засталося грошай, каб гандляваць.
Гэтых слоў было дастсткова, каб Барай пацвердзіў свае думкі наконт меркаванага забойцы бабра. Лятчэня спрабаваў неяк выкруціцца, кажучы:
"Я не забіваў бабра. Наўпрост калі даведаўся, што нехта яго забіў, падумаў, мо раптам змагу знайсці яго. Гэтак і дастаў нежывога бабра пад ільдом."
Каб завесці крымінальную справу, то было дастаткова сведчанняў лавачніка. Аднак мінуў час, калі можна было распачаць працэс, таму Андрэй Лятчэня так і не быў прыцягнуты да адказнасці.
Так замест таго, каб бабёр быў пераселеным у іншыя месцы для выжывання папуляцыі, жывёліна стала ахвяраю гаўрыльчыцкага бракан'ера Андрэя Лятчэні ў лютым 1928 года.
З часам бабры з'явіліся ізноў на тэрыторыі Беларусі. У той час, калі забілі апошняга бабра ў Чучавіцкім краі, на тэрыторыі Беларусі захоўвалася 170 баброў. За тры гады да гэтага, у 1925 годзе, каб захаваць папуляцыю баброў быў створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Паводле інфармацыі ад Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсам, пачынаючы з 1930-ых гадоў колькасць баброў на тэрыторыі Беларусі павялічылася: у 1930-ыя гады - 300-500 асобін; у канцы 1940-ых гадоў - 6-8 тысяч асобін; у канцы 1960-ых гадоў - 22-30 тысяч асобін. Тады жа, у 1960-ыя гады пачаўся прамысловы адлоў баброў. Па афіцыйным дадзена на 2018 год у Беларусі афіцыйна налічваецца каля 55 тысяч асобін баброў.
Зразумела, што у другой палове ХХ стагоддзя ў Чучавіцкі край бабры таксама вярнуліся. З фарміраваннем меліяратыўных сістэм бабровыя хаткі можна сустрэць і на каналах. З-за таго, што каналы зарастаюць і сама меліяратыўная сістэма не абслугоўваецца, то для баброў яны становяцца месцам жыхарства. Пры тым вясенняя паводка (для Лунінецкага раёна ў прыватнасці Мора Герадота) становіцца падставаю для пашырэння арэала распаўсюду баброў.