Агулам на тэрыторыі Чучавіцкага краю ў 1874 годзе пражывала 1491 чалавек. Калі дадаць жыхароў двара Баравікі і вайсковых на службе, то колькасць дасягне 1530 чалавек. Лідарам з'яўляецца цэнтр Чучавіцкага краю - Вялікія Чучавічы. За імі ідуць - Гоцк і Малыя Чучавічы. Калі параўноўваць вёскі Чучавіцкага краю па насельніцтве цяпер і 150 год таму, то яны будуць стаяць амаль у тым жа парадку. Адзіная змена - гэта вёскі Баравікі і Лугі.
Вёска - насельніцтва 1874 года - насельніцтва 2019 года:- Вялікія Чучавічы - 558 жыхароў - 1609 жыхароў
- Гоцк - 321 жыхар - 1093 жыхары
- Малыя Чучавічы - 267 жыхароў - 391 жыхар
- Лугі - 164 жыхары - 50 жыхароў
- Баравікі - 140 жыхароў - 142 жыхары
- Кормуж - 41 жыхар - 46 жыхароў
З-за таго, што Вялікія Чучавічы былі цэнтрам краю і прыхода, то насельніцтва вёскі былі крыху большым за кошт духоўных сямей і часова-пражываючых сялян і мяшчан, якія займалі альбо службовыя пасады, альбо займаліся гандлем. На духоўныя сем'і прыходзіліся 11 чалавек і на часова-пражываючых - 18 чалавек.
Калі разлічыць каэфіціенты развіцця насельніцтва за 145 год, то Гоцк і Вялікія Чучавічы, будучы цяперашнімі цэнтрамі сельсаветаў, зрабілі ўздым у тры разы (каэфіціенты - 3,4 і 2,8). Малыя Чучавічы, знаходзячыся па суседству з Вялікімі, утрымлівае насельніцтва з каэфіціентам 1,46. Лугі як самая аддаленая кропка ад цэнтраў сельсавета і раёна драматычна згубіла насельніцтва з каэфіціентам 0,3.